Мерапрыемствы Тыдня роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!” Літаратура як люстэрка мовы

Мерапрыемствы Тыдня роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!” Літаратура як люстэрка мовы

22 верасня на літаратурную сустрэчу з вучнямі завітаў Алесь Мікалаевіч Казека - беларускі паэт, старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Алесь Мікалаевіч расказаў пра свае шляхі-дарогі: пра тое, што яго дзяцінства прайшло на Магілеўшчыне, пра тое, дзе і якую ён атрымаў адукацыю, як самаааддана служыў, каб толькі не было вайны, пра тое, што частку свайго жыцця правёў далёка за межамі Беларусі, як імкнуўся на Радзіму, у родны куток, дзе так лёгка на душы і спакойна сэрцу.

Беларусь мая родная, Маці-зямля!
Да вытокаў тваіх жыватворных крыніцаў
Мне б прыпасці, нібы да грудзей немаўля –
Прад табой спавядацца, табе пакланіцца.

Вучні таксама падрыхтаваліся да сустрэчы з Алесем Мікалаевічам. Яна загадзя пазнаёміліся з яго творамі, а некаторыя вывучылі на памяць: “Я – маленькая кропля з крыніцаў святых...”, “Я кожны міг імкнуся да цябе...”, “Беларусь мая родная”, што стала прыемным падарункам для паэта.

Паміж вучнямі і паэтам завязалася цёплая размова. Хлопчыкі і дзяўчынкі цікавіліся, у якім узросце Алесь Мікалаевіч пачаў пісаць вершы і на якой мове, як адбываецца працэс напісання твораў, ці можна стаць паэтам або гэта талент ад нараджэння, якія праблемы хвалююць сучасных паэтаў і што самае галоўнае ў творчасці.

У канцы сустрэчы навучэнцы абступілі паэта, прасілі напісаць для іх пажаданні, а, атрымаўшы аўтограф, вельмі радаваліся.

Як прыемна знаёміцца з творчасцю таленавітых людзей ад іх саміх! І праз літаратуру мова становіцца бліжэй кожнаму.