Добра быць у дарозе, якую сам сабе выбіраеш...

Добра быць у дарозе, якую сам сабе выбіраеш...

Прафарыентацыйная работа займае важнае месца ў матывацыі спрадвечнага выбару: куды пайсці вучыцца? А каб правільны выбар зрабіць, трэба ўсё пабачыць на ўласныя вочы і пачуць на ўласныя вушы.

Падчас восеньскіх канікулаў, 6 лістапада 2018 года, вучні 10 “А”, 10 “В” і 11 “А” класаў УА “Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй №1” на чале з настаўнікамі Савоцкай Ірынай Віктараўнай, Люп Людмілай Артураўнай і Завадскай Дар’яй  Юр’еўнай накіраваліся ў самыя прэстыжныя вну нашай краіны БДУ і БДУІР.

Першым пунктам падарожжа быў факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ. Будучым абітурыентам падрабязна расказалі пра ўмовы і правілы прыёму, пра магчымасць удзелу ў алімпіядзе  па фізіцы “Абітурыент – 2018”. Цікава было даведацца, як быў створаны і запушчаны на арбіту першы беларускі касмічны спадарожнік, як ствараюцца сучасныя робаты. Многія зацікавіліся забеспячэннем  камп’ютарнай бяспекі.

Гасціннымі былі да нас і выкладчыкі механіка-матэматычнага факультэта БДУ. Лепшыя вучні краіны могуць стаць спецыялістамі ў галіне навукова-вытворчай дзейнасці, у сістэмнай аналітыцы, у вэб-праграмаванні і інтэрнэт-тэхналогіях, у матэматычным мадэляванні і эканамічнай дзейнасці.

Факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі азадачыў вельмі высокімі прахаднымі баламі і паказаў арыенціры, да якіх трэба імкнуцца.

Зацягнулася экскурсія і па ўтульных сучасных кабінетах БДУІР-а.

 Якія заманлівыя перспектывы! Якія магчымасці праявіць сябе ў парку сучасных тэхналогій, прынесці карысць сваёй краіне, стаўшы першакласным спецыялістам у самых розных напрамках!

Увечары нас чакала вясёлая камедыя  ў Мінскім маладзёжным тэарты.

Прафарыентацыйная экскурсія ў прэстыжныя беларускія вну прайшла цікава і пазнавальна, дапамагла многім будучым абітурыентам вызначыцца з выбарам прафесіі.

Аўтар нататкі Люп Л.А., настаўнік беларускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 11 “А” класа