Нястомныя вандроўнікі, або Падарожжа настаўнікаў у Сулу

Нястомныя вандроўнікі, або Падарожжа настаўнікаў у Сулу

Можна спаць, можна адпачываць на канапе, можна проста разгадваць крыжаванкі ці глядзець тэлевізар… Але гэта не пра нас! Настаўнікі нашага ліцэя любяць падарожнічаць. Асабліва нас вабяць сваёй  прыгажосцю і непаўторнасцю нашы родныя краявіды.

Дык вось… З добрым настроем сабраўшыся ў дарогу, мы дзякуючы нашаму прафсаюзнаму камітэту адправіліся ў падарожжа, каб адкрыць для сябе яшчэ адно цікавае месца ў Беларусі – Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі ў мястэчку Сула, што знаходзіцца непадалёк ад сталіцы нашай краіны.

Як аказалася, месца гэта найпрыгажэйшае на беразе возера. Музей сапраўды здзіўляе сваім абшарам, насычанасцю, загадкавасцю і нават утульнасцю. Гэта вялізны комплекс помнікаў архітэктуры, шматлікіх каменных скульптур, разнастайных анімацыйных пляцовак, старажытнага парку.

Экскурсаводы зацікаўлена паведамляюць пра гісторыю нашай Беларусі з самай старажытнасці. Мы, настаўнікі, радаваліся магчымасці правесці столькі часу на свежым паветры, дакрануцца да вялізных старажытных валуноў, набрацца моцы на новыя здзяйсненні, паваражыць на галінках вярбы, апынуцца ў мінулых стагоддзях, у першабытным ладзе, пакатацца на брычцы, пазабаўляцца на гушкалках і смачна пад’есці ў круглым рэстаранчыку(дзе паўсюль вокны і, здаецца, што ты абедаеш на прыродзе).

Падарожнічаючы па парку, мы з цікаўнасцю паглядалі на возера, бо там плаваў сапраўдны дракар вікінгаў. І калі мы самі апынуліся на ім, то радасці нашай не было межаў!!!

Вяртаючыся дадому, мы(хоць і крыху стаміліся) спявалі песні, дзяліліся сваімі ўражаннямі з калегамі. І ніхто з нас не пашкадаваў, што правёў цэлы дзень не на канапе, а ў цікавым падарожжы. Такі адпачынак нам вельмі-вельмі падабаецца. З нецярплівасцю чакаем новых падарожжаў!!!

P.S.Яшчэ раз ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ усім арганізатарам нашай паездкі!!!

Уражаннямі дзялілася Святлана Міхайлаўна